Помнікі Салігоршчыны

Помнікі Салігоршчыны (10)

Понедельник, 26 Август 2019 15:16

Руіны паравога млына у в. Пагост-1

У м. Пагост нямецкім памешчыкам фон Гальмерсінам (па-вясковаму Герменсон) быў пабудаваны ў 1902 г. паравы млын на ўчастку мялі на падсыпным грунце на беразе р. Случ побач са сваёй сядзібай. Млын з чырвонай цэглы першапачаткова меў два паверхі (цокальны і наземны). Жорны ў рух прыводзіліся паравым рухавіком. Вадзяны млын, які існаваў, быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў 150 метрах вышэй па рацэ Случ, да гэтага часу ён быў разбураны ад драхласці.
У 1908 годзе на млыне здарыўся пажар, згарэлі ўсе драўляныя канструкцыі, пацярпелі людзі. У 1909 годзе памешчык пабудаваў спіртавы завод і адначасова аднавіў млын: узвёў яшчэ два паверхі для вытворчасці белай мукі. Абсталяванне прывезлі са старога вадзянога млына, які знаходзіўся ў 1 км ад вёскі Тычыны.
У 1917 годзе млын быў нацыяналізаваны савецкай уладай. Працаваў падчас акупацыі кайзераўскімі, затым польскімі войскамі. Пасля аднаўлення ўлады Саветаў з канца 1920 года належаў Старобінскай мукамольнай арцелі.
У 1929 годзе млын увайшоў у склад Старобінскага прамкамбіната. У канцы 1930 гадоў млынам загадваў Іваноўскі. З сакавіка 1940 года загадчыкам млына быў прызначаны Войнаў Уладзімір Тарасавіч. Ён працаваў на млыне 29 гадоў - да сакавіка 1968 года. Побач з млынам стаяў 4-кватэрны, а пазней - 2-кватэрны дом для работнікаў млына.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны млын працягваў працаваць. У 1942 годзе ў вёску Пагост на адзін дзень прыязджала з Германіі дачка памешчыка Герменсона, аглядала млын, засталася задаволена яе захаванасцю. Усю акупацыю мельнікі былі звязаны з партызанамі Старобіншчыны.
У сярэдзіне 1950 гадоў да будынка млына былі зроблены прыбудовы для дызельнага рухавіка і для ліцейнага цэха па вырабе металічнага посуду: чыгуну, патэльняў, лыжак і інш.
Побач з млынам знаходзіліся драўляны мост праз раку Случ і падвесны мост.
У пачатку 1960 гадоў, калі калгаснікі сталі атрымліваць зарплату грашыма, а не натурпрадуктамі сельскай гаспадаркі (у тым ліку збожжам), працы на млыне стала значна менш.
У красавіку 1964 года пачалося будаванне Салігорскага вадасховішча. Пры яго будаўніцтве бераг вакол млына затапіла, доступ да яго стаў цяжкім.
У сакавіку 1968 года млын зачынілі.

Пятница, 08 Апрель 2016 15:15

Помнік братам Цубам

9 кастрычніка 1966 г. на скрыжаванні дарог Салігорск - Хорастава ўрачыста быў адкрыты помнік братам Цубам.
У лютым 1943 г. нямецка-фашысцкія войскі ўварваліся ў в. Навіна, аднак многія з жыхароў вёскі паспелі пакінуць свае дамы. Карнікі знайшлі тут толькі братоў Цубаў – 75-гадовага Івана Самуілавіча і 70-гадовага Міхаіла Самуілавіча. Гітлераўцы загадалі Міхаілу паказаць дарогу да партызан. Мужны патрыёт адмовіўся выканаць загад і быў растраляны. Узрушаны расправай над братам, Іван даў згоду стаць правадніком. Ён завёў ворагаў на забалочаны бераг р. Лань, адкуль яны не змаглі выбрацца. Пасля гэтага быў растраляны. За свой подзвіг Іван Цуба пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна.
Скульптурная кампазіцыя складаецца з паясных партрэтаў М.С. і І.С. Цубаў. У мастацкім адлюстраванні подзвіг атрымаў жанравую адпавядальнасць: жэсты рукі і галавы аднаго з братоў нібы пацвярджаюць катэгарычную адмову выканаць загад ворагаў, увесь выгляд другога – цвёрдую непахіснаць выканаць прынятае рашэнне. Мяккая, сакавітая пластыка форм разам з дэталёвай прапрацоўкай рысаў твараў надаюць вобразам рэальнасць. У нішы пастамента – надпіс-прысвячэнне.
Гэты манумент заўсёды будзе нагадваць аб гераічнай барацьбе савецкіх людзей супраць нямецка - фашысцкіх акупантаў.

Пятница, 08 Апрель 2016 15:12

Помнік У.І. Леніну

На цэнтральнай плошчы г. Салігорска, на перекрыжаванні вул. Казлова і вул. Леніна, 20 красавіка 1979 г. быў устаноўлены помнік Ул.І. Леніну.
Помнік уяўляе сабой скульптурны бюст, выкананы ў кованай медзі, гранітнага высокага пастамента і стэрэабата са сцілабатам. У кампазіцыі помніка строгія архітэктурныя формы пастамента, элементаў стэрэабата арганічна спалучаюцца з выразнасцю пластычнай скульптуры бюставага характару, у вобразе якой прасочваецца тэма сцяга. Агульная высата помніка 10,8 м.
Аўтар помніка – народны мастак БССР А. Бембель, архітэктары А. Блахін і У. Сідзельнікаў.

Сапраўднай жамчужынай драўлянага дойлідства па праве лічыцца Пакроўская царква ў в. Чыжэвічы. Помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока. Пабудавана з дрэва на паўднёвай ўскраіне вёскі. У 1895 г. была перабудавана.
Асноўны аб'ём і званіца маюць ярусную кампазіцыю. Да асноўнага аб'ёму далучаны нізкія бакавыя прыбудовы з дадатковымі ўваходамі, да пяціграннай алтарнай часткі - рызніца. Уваходная частка вылучана бабінцам з навессю ў выглядзе трохвугольнага франтона на тонкіх строеных калонах.
Верхнія ярусы званіцы (васьмігранная ў плане) і зальная частка храма завершаны шатрамі і купаламі з галоўкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі. Зальная частка трохсветлавая. У інтэр'еры столь плоская, акрамя цэнтральнай падкупальнай прасторы, дзе чацвярык другога яруса пераходзіць пры дапамозе ветразяў у васьмярык і перакрыты самкнёным гранёным скляпеннем. Хоры над уваходам падтрымліваюцца двума круглымі слупамі.

Магіла Дзмітрыя Цімафеевіча Гуляева знаходзіцца ў “Парку культуры і адпачынку над ракой Случ” у г. п. Старобін.
Дзмітрый Цімафеевіч Гуляеў, ураджэнец адной ўкраінскай вёсачкі, да Вялікай Айчыннай вайны скончыў Маскоўскае ваенна-палітычнае вучылішча і быў накіраваны на заходнія рубяжы краіны. З першых дзён вайны Гуляеў прымаў удзел у абарончых баях Чырвонай Арміі, а потым, патрапіўшы ў акружэнне, прабіраўся з байцамі на ўсход. У маі 1942 г. ён узначальвае асобы атрад, а з чэрвеня 1943 года 101-ю партызанскую брыгаду ім. А. Неўскага. Гэта была асноўная брыгада, якая дзейнічала на тэрыторыі Старобінскага раёна. Дзмітрый Гуляеў быў прыкладам для партызан і карыстаўся павагай не толькі сваіх баявых сяброў, але і мясцовага насельніцтва. У адным з баёў каля вёскі Панічы 5 верасня 1943 года 27-гадовы камбрыг загінуў. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У 1961 г. на магіле Дз.Ц. Гуляева быў пастаўлены помнік – скульптурны партрэт на прамавугольным пастаменце. Помнік выкананы з бетону, скульптар А.А. Бембель. Паварот галавы, шырокі разварот плячэй, выразнасць і дакладнасць пластычнай характарыстыкі падкрэсліваюць духоўную сілу героя.

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан ў г.п. Чырвоная Слабада знаходзіцца ў цэнтры пасёлка. Тут пахаваны 68 воінаў 20-га стралковага корпуса 28-й арміі і конна-механізаванай групы 1-га Беларускага фронту, якія загінулі 30 чэрвеня 1944 г. пры вызваленні пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 11 партызан 32-й брыгады імя М.І. Калініна, што загінулі вясной 1944 г. у баях супраць акупантаў.
У 1956 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптурная кампазіцыя: воін са сцягам і жанчына з вянком.

Размешчаны на паўночна-заходняй ўскраіне вёскі, на сучасных могілках. Датуецца прыблізна 9-13 ст. У яго ўключаны 9 насыпаў вышынёй 1,5-2 м., дыяметрам ад 5 да 7 м. Вядомы з 1924 г., у 1979 г. падрабязней даследаваўся археолагам Ул.Ф. Ісаенка, аднак раскопкі не праводзіліся.

Размешчаны на паўночнай ўскраіне вёскі, на мысе вялікай лагчыны р. Случ, у паўночнай частцы сучасных могілак. Вядома 7 насыпаў дыяметрам 5-6 м., вышынёй каля 1 м., асабліва вылучаецца адзін курган вышынёй 3 м. і дыяметрам 12 м. адпаведна. Каля падножжа можна выявіць раўкі. Даследавалі археолагі А.М. Ляўданскі і С.А. Дубінскі ў 1929 г. Імі было раскапана 2 насыпы. Таксама ў 1979 г. іх даследаваў Ул.Ф. Ісаенка. Прыкладны часовы адрэзак узнікнення - эпоха Кіеўскай Русі.

Належаў дрыгавічам, датуецца прыкладна 11-13 ст. Размешчаны ў 1 км на ўсход ад паўночнай ўскраіны вёскі, на правым беразе Салігорскага вадасховішча. Налічвае 21 насып дыяметрам ад 8 да 9 м., вышынёй каля 1,5 м. Асабліва вылучаюцца 2 курганы, што знаходзяцца ў паўднёвай частцы могільніка, вышынёй 3-4 м., дыяметрам 15 і 20 м. У адзін з іх урэзаліся сучасныя магілы. У 1929 г. могільнік даследавалі археолагі А.М. Ляўданскі і С.А. Дубінскі, якія раскапалі 13 курганоў. У 1979 г. праводзіліся даследаванні яшчэ адным археолагам Ул.Ф. Ісаенка.

Вторник, 15 Март 2016 11:10

Калядны абрад “Шчадрэц”

Нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць
Паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 жніўня 2009 г. № 1088 статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці быў нададзены каляднаму абраду “Шчадрэц” в. Рог Салігорскага раёна.
Шчадрэц, або “Казельчык”, ладзяць у ноч з 13 на 14 студзеня ў наваколлі в. Даманавічы (Даманавічскі сельсавет). Песні, прыгаворы і ўсе дзеі гэтага абраду захаваліся, іх ведаюць і здзяйсняюць абрад у многіх суседніх вёсках, аднак найбольш яскрава традыцыя захавалася і амаль не ператварылася ў вёсках Рог і Восава.
Адбываецца “Шчодрык” з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў: Дзед-продак, Баба-заснавальніца, конь, каза, журавель і інш. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў – гэта дзед і яго берасцяная маска, аналагаў якой больш няма на Беларусі.
Гурт шчадроўнікаў мае ў арсенале шматлікія песенныя віншаванні для гаспадара і яго сям'і, вясёлай песняй суправаджаюцца скокі казы. Віншаванне ўключае абявязковую пачатковую песню-зварот, пасля якой шчадроўнікаў запрашаюць у хату, а завяршаецца заключнай песняй, у якой прасочваюцца інтанацыі загада-пагрозы на выпадак, калі шчадроўнікі не будуць адораны